Кніга — гэта бясцэнная крыніца мудрасці і ведаў. Разам з ёй можна здзейсніць кругасветнае падарожжа, апусціцца на самае дно акіяна, пабываць на ненаселеным востраве, паляцець да далёкіх зорак. У дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 32 г. Магілёва» насычана і цікава прайшоў час пазнання «Твой сябар — кнiга», прысвечаны папулярызацыі беларускай мовы. Пачаўся ён з падарожжа па перыядычных выданнях «Наша прэса — на ўсе інтарэсы». Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з вялікай колькасцю яркай і пазнавальнай перыёдыкі — з беларускімі кнiгамi, газетамі і часопісамі. Многія выданні з’явіліся шмат год таму, але ёсць і «маладыя». З цікавасцю слухалі і разглядалі дзеці «Рукзачок», «Сюрпрыз», «Лесавік», «Ксюша», «Юны выратавальнік», «Раніца» і шмат іншых. Удзельнiкi мерапрыемства пазнаёмілі сваiх сяброў з любімай кнігай, творам і вершамi. Падрыхтаваць і правесці мерапрыемства дапамаглi бібліятэкары Е.Р. Перыярына і Г.У. Бязручкiна. Увогуле, сёння бібліятэкі з’яўляюцца месцам, дзе можна бясплатна і карысна бавіць вольны час разам з лепшымі сябрамі, настаўнікамі і кнігамі.