Добры вечар, шчодры вечар! Добрым людзям на здароўе!

Колькі цеплыні, павагі, любві закладзена ў гэтых простых беларускіх словах-пажаданнях, з якімі ўдзельнікі драматычнага і фальклорнага гурткоў школы № 28 г.Магілёва звярнуліся да сваіх настаўнікаў, вучняў, бацькоў падчас правядзення каляндарна-абрадавага свята Каляды і сустрэчы Новага 2013 года.

З вялікім захапленнем вучні 8 і 7 класаў рыхтаваліся да гэтага свята і таму праз выкананне калядных песень, карагодаў, гульняў, праз аповед народных прыкмет паказалі багаты духоўны свет нашых продкаў, вялікую і невычэрпную культуру беларускага народа. Прыгажосць нацыянальнага адзення, пераапранутыя калядоўшчыкі (каза, мядзведзь, ліса, пеўнік, чорт), інсцэніраванне абрадаў, калядныя гульні з пачастункамі выклікалі прыўзняты настрой як у саміх удзельнікаў свята, так і ў гледачоў.

Калядны карагод станоўча ўразіў і быў вельмі прыхільна сустрэты жыхарамі пасёлка Ямніцкі каля навагодняй ёлкі 2 студзеня 2013 года. Вучні з вялікім задавальненнем прадэманстравалі свае артыстычныя здольнасці перад бацькамі, бабулямі і дзядулямі, суседзямі, проста знаёмымі. Быў праведзена шэраг гульняў з юнымі гледачамі на зімовую тэматыку.

Вялікую і шчырую ўдзячнасць жыхары мікрараёна выказалі самадзейным артыстам і арганізатарам мерапрыемства. Самую вялікую прыхільнасць гледачоў атрымаў выканаўца ролі гаспадара Каралёў Канстанцін, вучань 8 класа. Але не менш удалым было і выступленне астатніх удзельнікаў свята: Дзюўбаковай Ганны, Бельскай Юліі, Жук Алены, Пшанко Уладзіслава, Клімянкова Радзівона, Кармызавай Дар’і, Харыкава Уладзіслава.

Але на гэтым «Калядны цягнік» не спыніў свайго руху. Фальклорна-драматычны калектыў наведаў сацыяльны прытулак. Жыхары прытулку сустрэлі артыстаў школы вельмі прыхільна і самі актыўна ўключыліся ў правядзенне свята: «вадзілі казу», гулялі ў гульні.

Арганізацыя і правядзенне каляндарна-абрадавых свят стала добрай традыцыяй у нашай школе. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць далучэнню вучняў да скарбаў нацыянальнай культуры, раскрываюць выхаваўчы патэнцыял беларускага слова.

Настаўнік беларускай мовы Астранкова В.Ц.



















| Печать |