І слова беларускае гучыць, і песня тут з методыкай лунае...
Традыцыйна ў педагагічнай практыцы пры правядзенні метадычных нарад, педагагічных саветаў прынята строгая форма.
За апошнія гады жыццё часта ўносіць нам розныя змены. І той, хто хоча быць сучасным, той не можа адставаць ад часу. А вядома, што педагагічныя работнікі — перадавая частка грамадства. Нам трэба ісці ў нагу з часам, бо грамадства даверыла нам будучыню — дзяцей.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 33 горада Магілёва», у якой актыўна вядзецца пошук новых форм і метадаў работы, прымяняюцца новыя падыходы да арганізацыі і правядзення пасяджэнняў, пачала 2013 год з незвычайнай педагагічнай нарады «Дзейнасць педагагічнага калектыву па нацыянальна-патрыятычным выхаванні». Важнасць правядзення яе абумоўлена некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта актуальнасць тэмы, бо канчатковая мэта грамадзянска-патрыятычнага выхавання — фарміраванне асобы грамадзяніна, патрыёта, працаўніка, сем’яніна. Па-другое, папулярызацыя беларускай мовы. Яшчэ пры падрыхтоўцы творчай групай было вырашана, што выступленні на нарадзе павінны быць на беларускай мове. Па-трэцяе, у нашай школе працуюць педагогі з вялікім прафесійным багажом, існуюць свае ўмовы і традыцыі выхавання патрыятызму, грамадзянскасці, нацыянальнай годнасці і свядомасці.
Жывы кантакт супрацоўнікаў, жывое беларускае слова, што гучала з вуснаў кожнага, хто меў жаданне сказаць, — усё з першых момантаў прыцягвала ўвагу.
Прапанаваны Л.П.Кавальковай — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце — навукова-метадычны матэрыял накіроўваў на далейшую выпрацоўку агульнай стратэгіі дзейнасці калектыву, на ўзбагачэнне зместу работы па нацыянальна-патрыятычным выхаванні, на папаўненне ведаў, знаёмства з новымі і апрабіраванымі методыкамі.
Асаблівую цікавасць уяўляў вопыт, які мае выхаваўчае значэнне, прадстаўлены класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі, педагогамі-арганізатарамі: Н.Віскоўскай, А.Жукавай, В.Жураўскай, Н.Кураковай, Н.Пруднікавай, Л.Селіфонтавай. У сваіх выступленнях яны расказалі аб правядзенні класных гадзін, вучэбных заняткаў, арганізацыі экскурсій з навучэнцамі і іх бацькамі, расказалі пра наведванні музеяў, тэатраў, бібліятэк.
Цікава і прыемна было слухаць на роднай мове выступленне аб выніках і дасягненнях творчага пошуку выкладчыцы вакальна-харавых дысцыплін А.Рогалевай, якая напярэдадні педагагічнай нарады вярнулася з Прыбалтыкі і парадавала калектыў школы ўзнагародамі нашых юных талентаў на міжнародным конкурсе «Сіняя птушка». А за тры апошнія гады навучэнцы А.Рогалевай і яна сама ўласна атрымалі звыш 20 міжнародных дыпломаў.
Прыемна, што школа не страціла таго накірунку, які быў нададзены ёй у 1980 годзе Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, — школы з музычна-харавым ухілам; хаця сёння музычныя дысцыпліны вывучаюцца на факультатыўных занятках. І вось калі для падтрымкі добрай маральна-псіхалагічнай атмасферы нарады палілася музыка з гармоніка У.Сянькова — зала не стрымалася: чароўная беларуская песня сама паплыла з вуснаў усіх прысутных у зале.
Створаная камфортная абстаноўка не пакінула абыякавымі і бацькоў нашых навучэнцаў, што, па задумцы галоўнага каардынатара педагагічнай нарады Л.П.Кавальковай, прысутнічалі ў зале. У сваім выступленні яны адзначылі, што ім цікава было пазнаёміцца з магчымасцямі і патрабаваннямі школы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, а таксама паабяцалі педагогам са свайго боку падтрымліваць і дапамагаць у правядзенні розных мерапрыемстваў.
Кожнаму з удзельнікаў нарады было шмат чаго сказаць, бо ў нашых педагогаў назапашаны багаты вопыт па далучэнні навучэнцаў да каштоўнасцей беларускай культуры, традыцый. Нарада нікога з педагогаў не пакінула абыякавым. Практычная каштоўнасць ў тым, што скіравана яна была на вырашэнне праблем, звязаных з недастатковым узроўнем сацыяльна-грамадскай актыўнасці, няўстойлівай грамадзянскай пазіцыяй падрастаючага пакалення. Задача кожнага педагога — развіццё нацыянальнай годнасці і грамадзянскай самасвядомасці навучэнцаў, і павінна яна ажыццяўляцца ў арганічным адзінстве навучальнага і выхаваўчага працэсаў.
Падводзячы вынікі педагагічнай нарады, дырэктар школы У.М.Нікіфарэнка сказаў: «Такія нетрадыцыйныя падыходы правядзення педагагічных нарад цалкам дазваляюць метадычна развівацца ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, садзейнічаюць удасканаленню іх педагагічнай культуры і майстэрства, усталёўваюць партнёрскія ўзаемаадносіны паміж выкладчыкамі, вучнямі і бацькамі, у тым ліку і ў нацыянальна-патрыятычным выхаванні».
Выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры Л.Селіфонтава, А.Сомава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.Алдашова

