Вучыць творчасці творчасцю
У лютым 2010 года на базе ДУА «Сярэдняя школа № 26» быў праведзены раённы семінар кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Семінар быў прысвечаны праблеме «Спецыфіка выкладання беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах».
Мерапрыемства было як навучальным, так і мела практычны характар. Кіраўнік метадычнага аб’яднання ДУА «Сярэдняя школа № 26», Супіталёва Н.К., імкнулася даць парады калегам, як пры існуючым дэфіцыце вучэбнага часу настаўніку даць сціслую характарыстыку развіцця літаратуры на сучасным этапе, пазнаёміць вучняў з літаратурна-мастацкай перыёдыкай, засяродзіць увагу на сучаснай паэзіі, прозе, драматургіі.
Як сучасна і эфектыўна выкарыстаць адведзеныя для гэтага гадзіны? Якія формы заняткаў выкарыстаць , якія тыпы ўрокаў пры гэтым выбраць? — гэтыя і іншыя пытанні асвятляла настаўніца, дэманструючы мультымедыйныя прэзентацыі з урокаў у старэйшых класах.
Вялікая ўвага на семінары была ўдзелена пытанню актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў у працэсе вывучэнння беларускай мовы i літаратуры, асноўным прынцыпам, прыёмам і відам аналізу мастацкіх твораў у старэйшых класах. Вопытам работы па гэтых пытаннях дзялілася з удзельнікамі семінара настаўніца школы Шэпелева С.У.
Як быць не транслятарам ведаў, а арганізатарам дзейнасці вучняў, ствараць умовы, пры якіх неабходны прадметны змест перадаецца спосабам, які аблягчае разуменне і запамінанне, паказвала на адкрытым уроку «Маё пасведчанне», па лірыцы А.Куляшова ў 10 класе Фронкіна В.У., настаўнік вышэйшай катэгорыі, пераможца раённага конкурсу «Настаўнік года −2007».
У інтэрактыўнай форме правяла ўрок у 11 класе настаўнік вышэйшай катэгорыі , Міхаленка Н.Г. , пры вывучэнні апавядання Івана Навуменкі «Семнаццатай вясной», на якім актыўна выкарыстоўвала відэаматэрыял з часоў Вялікай Айчыннай вайны, вучнёўскую інсцэнізацыю ўрыўкаў з апавядання.
Заключным акордам семінара стаў самааналіз урока, які зрабіла Фронкіна В.У., і прэзентацыя вучэбных матэрыялаў кабінета беларускай мовы і літаратуры.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе удзельнікі ведалі, якімі структурнымі элементамі, педагагічнымі падыходамі, метадамі і ідэямі павінен быць напоўнены сучасны ўрок у старэйшых класах.Усе сышліся на думцы, што сучасны ўрок павінен быць выніковым, тэхналагічным, дэмакратычным; настаўнік павінен ствараць умовы для развіцця асобы дзіцяці і вучыць творчасці творчасцю.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 26 г.Магілёва» Супіталёва Н.К.