З любоўю да роднага слова

11 сакавіка 2021 года на базе старэйшай у рэспубліцы ўстановы адукацыі «Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгенія Глебава» з удзелам дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 9 г. Магілёва» прайшло пасяджэнне пастаяннага семінара настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры горада Магілёва на тэму «Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі: з вопыту работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення».

Семінар пачаўся экскурсіяй у музей гімназіі-каледжа, дзе навучэнкі ІІІ курса пазнаёмілі гасцей са 100-гадовай гісторыяй навучальнай установы, цікавымі звесткамі пра славутых выпускнікоў і выкладчыкаў, багатай спадчынай, якую навучэнцы гімназіі-каледжа працягваюць папаўняць сваімі шматлікімі дасягненнямі і высокімі ўзнагародамі.
Настаўнікі гімназіі-каледжа і сярэдняй школы № 9 падзяліліся сваім вопытам работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення, прадставілі цікавыя формы работы па папулярызацыі роднага слова, падтрымцы нацыянальных традыцый і народнай спадчыны, па фарміраванні ў вучняў погляду на нацыянальную культуру як духоўную каштоўнасць народа.
У гэты Масленічны тыдзень не абышліся без пачастункаў. Сапраўдным падарункам для наведвальнікаў семінара стала гульня «Чароўны блін», падчас якой дзеці спявалі песні-вяснянкі, расказвалі пра народны беларускі абрад гукання вясны, частавалі гасцей блінамі. Не абышлося і без падарункаў. Для гасцей вучнямі быў зроблены стылізаваны сувенір-сонейка як сімвал Масленіцы — традыцыйнага свята беларусаў.
Яркай, рознакаляровай, цікавай старонкай мерапрыемства стала літаратурна-музычная кампазіцыя «Малюнкі роднага краю», у якой вучні гімназіі-каледжа расказалі пра знакамітыя мясціны і славутых жыхароў горада Магілёва. У канцэрце прагучалі як класічныя кампазіцыі беларускіх аўтараў, так і творы народнага мастацтва, а вучні харэаграфічнага аддзялення выканалі беларускі народны танец «Лявоніха».
Разнастайныя мерапрыемствы і сістэмнасць работы па далучэнні вучняў да роднага слова і нацыянальнай культуры, выхаванні сапраўдных грамадзян, неабыякавых да лёсу сваёй краіны, патрыётаў, якія б пачалі адчуваць сябе неад’емнай часткай Бацькаўшчыны, прыносяць свае плады. Дзеці з вялікім задавальненнем прымаюць актыўны ўдзел у розных гарадскіх і абласных творчых конкурсах, не цураюцца і ахвотна вывучаюць родную мову, многія выказваюць жаданне гаварыць на ёй.

Марозава І.У., намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
УА «Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгенія Глебава»;
Аліноўская А.В., метадыст
Дзяржаўнай установы па навукова-метадычным
забеспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва

| Печать |