Актуальныя пытанні інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя
25.01.2022 года ў ДУА «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры горада.
Мерапрыемства пройшло ў форме педагагічнай майстэрні, мэтай якой стала ўдасканаленне прафесійных кампетэнцый настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў пытаннях выкарыстання лічбавых адукацыйных рэсурсаў і інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школы Кукрэш А.В. пазнаёміла гасцей з работай установы па папулярызацыі беларускай мовы, патрыятычным выхаванні, падтрымцы нацыянальных традыцый і захавання народнай спадчыны.
Цалабёнак С.Я., настаўнік беларускай мовы і літаратуры, прадэманстравала відэафрагменты ўрокаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій.
Як наладзіць навучанне анлайн-узаемадзеяння з вучнямі, як выкарыстоўваць у рабоце настаўніка беларускай мовы і літаратуры сучасныя інтэрнэт-рэсурсы: Wordwall.net, Onlinetestpad.com, vznaniya.ru, thinglink.com,Flipgrid.com, Padlet.com — на гэтыя пытанні адказала настаўнік англійскай мовы Кірычэнка М.А.
Грыгор’ева І.Я, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, падзялілася вопытам выкарыстання камп’ютарнай візуалізацыі вучэбнай інфармацыі на ўроках беларускай мовы, літаратуры, факультатыўных занятках пры дапамозе інтэрнэт-платформ LearningApps.org., GoogleClassroom, vznaniya.ru., Padlet.com.
Напрыканцы мерапрыемства настаўнікі горада практычна паспрабавалі працаваць на розных інтэрнэт-платформах.
«Неабходнасць выкарыстання інтэрнэт-навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры, бясспрэчна, робіць заняткі сучаснымі, эфектыўнымі. Зразумела, што кожны настаўнік самастойна выбірае інтэрнэт-рэсурс, з якім зручней працаваць яму і яго вучням. І сёння не трэба забываць, што выкарыстанне лічбавых носьбітаў у разумных межах на ўроках беларускай мовы і літаратуры павышае ступень засваення вучэбнага матэрыялу вучнямі, развівае іх, а настаўніку дае магчымасць павышаць сваю прафесійную кампетэнтнасць», — адзначыла Аліноўская А.В., метадыст Дзяржаўнай установы па навукова-метадычным забеспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва.
І.Я. Грыгор’ева,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры