Праектаванне вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры з выкарыстаннем сучасных метадаў і сродкаў навучання
У сучаснай адукацыі важным аспектам з’яўляецца не толькі перадача ведаў, але і выхаванне асобы вучня, развіццё яго творчых здольнасцей і крытычнага мыслення. Праектаванне вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры павінна ўключаць сучасныя метады і сродкі навучання, а таксама разнастайныя формы арганізацыі вучэбнага ўзаемадзеяння.
Гэтай актуальнай тэме было прысвечана пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, якое прайшло 16 снежня 2025 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 34 г. Магілёва».
З пытаннем «Інавацыйныя падыходы да навучання беларускай мове і літаратуры: ад традыцый да сучаснасці» выступіла настаўнік Палёная Дзіяна Аляксандраўна, таксама яна падзялілася вопытам прымянення інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках беларускай літаратуры.
Пра вучэбнае праектаванне як форму самастойнай работы навучэнцаў, а таксама пра вопыт арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў з выкарыстаннем развіваючага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя на сваіх уроках расказала Волкава Наталля Рыгораўна.
У практычным блоку пасяджэння Кузьміна Наталля Валер’еўна правяла з прысутнымі майстар-клас на тэму «Матывацыя вучэбнай дзейнасці вучняў: калейдаскоп прыёмаў», былі прадэманстраваны відэафрагменты двух урокаў па тэме «Францішак Багушэвіч. Паэма «Кепска будзе», якія правяла Лінкевіч Таццяна Яўгеньеўна з прымяненнем тэхналогіі вучэбнага праектавання.
У канцы пасяджэнна Крутава Вольга Пятроўна, метадыст Дзяржаўнай установы па навукова-метадычным забеспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва, прааналізавала рэзультатыўнасць удзелу навучэнцаў горада Магілёва ў І і ІІ этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», а таксама ў гарадскім этапе абласнога конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў.
Падводзячы вынікі пасяджэння, прысутныя падзякавалі педагагічнаму калектыву настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 34 г.Магілёва» за якасную падрыхтоўку і правядзенне вучэбна-метадычнага аб’яднання.
Завяршаючы сустрэчу, усе настаўнікі ўпрыгожылі навагоднюю ёлачку сняжынкамі з добрымі пажаданямі напярэдадні Новага года. Цёплая, творчая, прадуктыўная атмасфера мерапрыемства пакінула ва ўсіх прыўзняты, пазітыўны настрой.
Крутава Вольга Пятроўна,
метадыст
Дзяржаўнай установы па навукова-метадычным забеспячэнні
ўстаноў адукацыі горада Магілёва





