Ад адзнакі да развіцця: сучасныя падыходы да кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры
Кантрольна-ацэначная дзейнасць у сучаснай школе даўно перастала быць простай фіксацыяй памылак. Сёння гэта дзейсны інструмент матывацыі, развіцця крытычнага мыслення і падтрымкі вучня на шляху да ведаў. Менавіта гэтым актуальным пытанням было прысвечана пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры на тэму: «Сучасныя падыходы да кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках настаўніка беларускай мовы і літаратуры», якое прайшло 10.11.2026 у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 11 імя М.Ц.Раманава».
У цэнтры ўвагі педагогаў былі пытанні пераходу ад фармальнай адзнакі да якаснага, змястоўнага ацэньвання, якое вучыць школьніка бачыць свой прагрэс і аналізаваць цяжкасці.
Метадычную і практычную часткі пасяджэння падрыхтавалі настаўнікі ДУА «Сярэдняя школа № 11 імя М.Ц.Раманава» Двужыльная Аксана Валянцінаўна і Заморына Ганна Іванаўна. У сваіх выступленнях калегі падзяліліся эфектыўнымі формамі і прыёмамі арганізацыі кантролю на розных этапах урока беларускай мовы і літаратуры: ад фармулюючага ацэньвання да тэхнік узаема- і самаацэнкі вучняў, а таксама сучасных падыходаў да дамашняга задання. Каб замацаваць тэарэтычныя падыходы, удзельнікам семінара былі прапанаваны разнастайныя практычныя заданні, у ходзе якіх настаўнікі ацэньвалі правільнасць запаўнення школьнай дакументацыі, складалі тэксты, адказвалі на пытанні, абмяркоўвалі спосабы канструктыўнай зваротнай сувязі.
Асаблівай і вельмі каштоўнай старонкай семінара стала выступленне педагога-псіхолага Куцапалавай Святланы Іванаўны. Дзякуючы арганізаваным ёй практычным заданням, настаўнікі атрымалі рэдкую магчымасць зірнуць на працэс ацэньвання вачыма саміх вучняў. Інтэрактыўныя заняткі дапамаглі ўдзельнікам адчуць псіхалагічны стан дзіцяці пры атрыманні адзнакі, зразумець прычыны ўзнікнення трывожнасці і асэнсаваць, як слова і інтанацыя настаўніка могуць альбо знізіць матывацыю, альбо, наадварот, натхніць на поспех.
Пасяджэнне прайшло ў атмасферы зацікаўленага дыялогу, рэфлексіі і прафесійнага пошуку. Удзельнікі семінара сышліся ў меркаванні, што кантрольна-ацэначная дзейнасць — гэта не проста вынік работы на ўроку, а прастора для эмацыянальнага камфорту і асобаснага росту кожнага вучня.
Крутава В.П.,
метадыст
Дзяржаўнай установы па навукова-метадычным
забеспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва

