Свята слова
Гэта сапраўды было свята… Яшчэ з раніцы 6 кастрычніка ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» панавалі цёплая атмасфера і прыўзняты настрой: праходзіў конкурс юнага прамоўцы «Хай гучыць родная мова». Гэта творчы конкурс, дзе вучні маглі праявіць свае камунікатыўныя здольнасці, паказаць свае таленты, артыстычнасць, агульную эрудыцыю, пачуццё мовы, здольнасць весці дыскусію.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры імкнуліся далучыць вучняў да тэхналогій падрыхтоўкі і вымаўлення публічных прамоў, сфарміраваць камунікатыўныя здольнасці, спрыяць павышэнню агульнага культурнага ўзроўня вучняў.
Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Вучні дэманстравалі майстэрства пераконваць, прафісійна абараняць свае погляды ў спрэчках і дыскусіях па дадзеных тэмах, якія прапанаваліся ім на выбар. А выбраць сапраўды было з чаго. «Быць патрыётам — гэта…», «Быць добрым — гэта не значыць…», «Каб табой ганарылася Радзіма, трэба…» і г.д. Гэтыя і іншыя тэмы давалі вучням магчымасць не толькі выказаць свой погляд па праблеме, але і арыгінальна падаць матэрыял, скарыстаўшы сучасныя тэхнічныя сродкі, фотаздымкі і інш.
У раённым туры прымалі ўдзел 19 школ Ленінскага раёна. У фінал, які адбыўся 7 кастрычніка, выйшлі вучні адзінаццаці школ: № 2, 4, 8, 19, 21, 26, 28, 31, 33, 35, 40.
Вынікі конкурса выглядаюць такім чынам: пераможцай стала вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 21 Аляксеева Вераніка, лаўрэатамі — вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 19 Баранчук Ганна, вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 26 Крывелева Анастасія, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 33 Крупенка Дар’я, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 40 Лабачова Валянціна.
Правядзенне гэтага мерапрыемства праходзіла ў межах рэалізацыі комплекса першачарговых мер па папулярызацыі беларускай мовы.
Хай гучыць родная мова!
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА"Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва»
Тройнікава А.М.