«Бацька і маці ад Бога ў хаце»
Бацька і маці ад Бога ў хаце
Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак,
Яны— твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі.....
А. Грачанікаў
Дзяцінства, маці, тата, сям’я — словы, якія кожнага з нас саграваюць і робяць па-сапраўднаму шчаслівымі. Так павялося між людзей — жадаць адно аднаму найперш сямейнага шчасця, таму што ва ўсе часы чалавек ратаваўся ад жыццёвых віхур і ўдараў лёсу ў сваёй сям’і. Тут былі яго апора і глеба, выратаванне ад адзіноты і падтрымка блізкіх людзей.
18 мая 2017 года вучні шостых класаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» ветліва адчынілі дзверы ў свет літаратурнай гасцёўні «Бацька і маці ад Бога ў хаце». Удзельнікі і госці мерапрыемства, незалежна ад узросту, перанясліся ў той час, калі дрэвы здаюцца вялікімі, а жыццё бясконцым.
Сапраўды, час не стаіць на месцы. Мяняюцца адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. Якія ж стасункі былі ў сям’іраней, паведаміла нам госця, раней дачушка, потым жонка і маці, а цяпер і бабуля, Буранкова Валянціна Васільеўна, бібліятэкар нашай школы. Хто такі швагер, а каго называюць ятроўкай? На гэтыя і іншыя пытанні дзеці атрымалі адказ падчас віктарыны «Сваякі». З вялікай любоўю да родных прагучалі вершы на роднай мове А. Руцкай «Раскажы мне, бабуля, казку», Р. Барадуліна «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль», Я. Янішчыц «Сынок і маці» ў выкананні А. Паўлавай, А. Макась, К. Гуткоўскай. Напрыканцы мерапрыемства кожны ўдзельнік пакінуў свае самыя шчырыя пажаданні ў сімвалічным «Сямейным альбоме».
Спагада, дабрыня, чуласць — усе гэтыя якасці нараджаюцца ў нас менавіта тут, у сям’і. Мы ўдзячныя сваім бацькам за тое, што жывём на гэтым свеце, што атрымалі ад іх любоў і цеплыню, першыя ўрокі дабрыні і сумленнасці.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Шэндзерава І.С.







