«І песню родную люблю я»
Беларускі край вельмі песенны. Часам кажуць, што наша зямля спявае, звініць песнямі. Беларусы любяць і народныя песні, і песні, напісаныя прафесійнымі аўтарамі. У нашым доме спяваюць усе: і дзеці, і дарослыя, і мужчыны, і жанчыны, і аматары, і прафесіяналы. Песня-жыццё, жыццё-песня.
У дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» была праведзена літаратурна-музычная вечарына «І песню родную люблю я». «Над ракою ў спакою расцвітала каліна...», " Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты не поўная?...«, «Каб любіць Беларусь нашу мілую...», — гэтыя і многія іншыя песні краналі сваёй душэўнасцю і цеплынёй усіх удзельнікаў і наведвальнікаў мерапрыемства, якое было арганізавана настаўнікамі і вучнямі 6-х класаў і праведзена ў беларускамоўны чацвер, што традыцыйна адзначаецца ў нашай школе.
Пры падрыхтоўцы свята шасцікласнікі калектыўна распрацавалі сцэнарый вечарыны, абмеркавалі музычныя нумары, адказна рыхтавалі тэхнічнае забеспячэнне, дэманструючы зацікаўленасць, адказнасць, уменне працаваць у калектыве, трымаць дадзенае слова, жаданне па-сяброўску далучыцца да мастацтва песні, песні-музыкі, роднай, беларускай. Лёгкае хваляванне, радасць сустрэчы, напеўнасць беларускіх мелодый, жыццесцвярджальнасць — пачуцці, якія адчулі ўсе, хто наведаў літаратурна-музычную вечарыну.
Петрачэнка В.С.,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры