Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
З мэтай фарміравання ў вучняў пачуцця гонару за родную мову і паважлівых адносін да культурных традыцый беларускага народа ў ДУА «Сярэдняя школа № 34 г.Магілёва» з 16 па 21 лютага 2026 года праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які быў прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
У рамках Тыдня настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры былі праведзены цікавыя мерапрыемствы, якія давалі магчымасць кожнаму вучню пашырыць свае веды па беларускай мове і літаратуры, праявіць свае не толькі інтэлектуальныя здольнасці, але і творчыя.
Шаснаццатага лютага ў школьнай бібліятэцы і прадметных кабінетах былі аформлены выставы і інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя Тыдню беларускай мовы і літаратуры.
Сямнаццатага лютага вучні 7 «В» класа сталі ўдзельнікамі конкурснай праграмы «Беларуская скарбонка». У час мерапрыемства сямікласнікі адказвалі на пытанні інтэлектуальнай гульні, разгадвалі рэбусы i загадкi. Пераможцы атрымалі прызы.
Васямнаццатага лютага ў 9 «А» класе прайшла віктарына «Знаўцы беларускай мовы». Вучні складалі прыказкі, разгадвалі крыжаванкі і загадкі, адказвалі на пытанні.
Дзевятнаццатага лютага на факультатыўных занятках па беларускай мове працавала творчая майстэрня «Скарбы роднай мовы». Вучні адбіралі выказванні, прысвечаныя беларускай мове, разважалі пра яе ролю ў жыцці грамадства і асабіста для кожнага. Таксама аформілі «воблачкі пажаданняў» роднай мове.
Дваццатага лютага прайшла «Свая гульня» — «Падарожжа па Беларусі». Вучні стваралі слоўнікавую карціну пра Беларусь, растлумачваючы кожны эпітэт, выступалі з паведамленнямі «Самыя прыгожыя месцы Беларусі», «Што я хацеў бы наведаць у Мінску». Асноўная частка мерапрыемства прайшла ў форме спаборніцтва паміж камандамі «Васілёк» і «Каласок». Падчас спаборніцтва вучні паказалі свае веды па наступных рубрыках: «Абласныя гарады», «Беларусь турыстычная», «Мінск», «Гісторыя Беларусі», «Культура і традыцыі беларусаў».
Напрыканцы Тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні 7 «А» класа праявілі сябе ў якасці акцёраў і паказалі ўрыўкі з беларускіх твораў.
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры завяршыўся, але будзем спадзявацца, што мерапрыемствы беларускамоўнага тыдня дапамаглі абудзіць у ўдзельнікаў цікавасць да вывучэння роднай мовы, гісторыі і традыцый беларускага народа, а таксама дапамаглі праявіць сябе і знайсці новых сяброў.
Вікторыя Вячаславаўна Маргунова,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце











