Запрашаем на Калядкі!
«Хрыстос нарадзіўся, Бог з’явіўся! Анёлы спяваюць! Шчасця нам жадаюць!» — гэтымі радаснымі гукамі святочных калядных песень поўнілася 14 студзеня 2010 года ўтульная музычная зала ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-школа з эстэтычным ухілам горада Магілёва». Менавіта тут у межах тыдня нацыянальных традыцый ладзілася для дзяцей дашкольнага ўзросту тэатралізаванае прадстаўленне з элементамі фальклору «Калядкі», падрыхтаванае музычнымі кіраўнікамі і выхавацелямі дзіцячага садка.
У стылізаваную хату, дзе гучала беларуская народная музыка, дзяцей запрашалі калядоўшчыкі, а там ужо іх шчыра віталі гасцінныя гаспадары — дзед з бабай. З іх вуснаў і даведаліся дзеткі аб існаванні калядных абрадавых традыцый і асаблівасцях святкавання на Беларусі дня нараджэння Хрыстова. Цікавыя і пазнавальныя сустрэчы чакалі дзяцей на працягу ўсяго святочнага прадстаўлення: з калядоўшчыкамі і цыганамі, вясёлым баранам і разумным мядзведзем, нячысцікамі — чортам і ведзьмай (якія, паміж іншым, нарэшце выправіліся), не абыйшлося і без галоўнай дзяючай асобы старажытнага абраду — казы. Адметна, што дзеці не заставаліся толькі гледачамі цікавага мерапрыемства, а бралі ў ім актыўны ўдзел: адным пашчасціла паспрабаваць сябе ў якасці калядоўчшыкаў, іншыя з ахвотай удзельнічалі ў займальных гульнях ды вясёлых карагодах.
З пажаданнямі добрага здароўя і дабрабыту развітваліся артысты з маленькімі гледачамі. «Шчаслівых Каляд!» — жадалі ім у адказ удзячныя выхаванцы дзіцячага садка.




