«Летам адпачываем і ў беларускія гульні гуляем!»

Лета — самая чароўная пара года! Гэта час адпачынку, час гульняў, час загартоўвання!

Галоўная задача супрацоўнікаў дашкольных устаноў у летні перыяд — арганізаваць жыццё дзяцей у дзіцячым садку так, каб кожны летні дзень быў запоўнены цікавым зместам і прыносіў дзяўчынкам і хлопчыкам штосьці новае и незвычайнае.

Для гэтага ў дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 81 г. Магілёва» асаблівую ўвагу ўдзяляюць фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці. Каб выхаванцы летам не сумавалі, не таміліся ад спякоты і не хаваліся ў цянёк, а былі зацікаўлены сумеснымі справамі і гульнямі, з жаданнем адпраўляліся ў незвычайныя падарожжы і вандроўкі, педагогі выкарыстоўваюць беларускія рухавыя гульні ў розных формах фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці.

У час рухальна-гульнёвай дзейнасці дзеці адпраўляюцца ў падарожжа на «цягнічку-здаравячку» і не толькі вядуць размову пра любімы горад Магілёў, расліны гарадскога ландшафту, а і гуляюць у знаёмыя беларускія рухавыя гульні «Пляцень», «Прэла-гарэла», «Вартаўнік», «Дзядуля-ражок», «Барада» і інш.

Не забываюць у дзіцячым садзе і пра фарміраванне ў дашкольнікаў правіл бяспекі. У час рухальна-гульнёвай дзейнасці «У госці да бабкі Агапкі» дзеці нагадалі правілы дарожнага руху і пры гэтым пагулялі з бабуляй у такія беларускія гульні, як «Надзейка», «У ката», «Лясь-лясь, уцякай».

А яшчэ дзеці сярэдніх і старэйшых груп у час фізкультурнага вольнага часу «Гульнятэка «Весялінка» з захапленнем гулялі ў беларускія гульні разам з беларускім героем Несцеркам.

Наперадзе яшчэ больш чым за два летніх месяцы. І ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак, што наведваюць установу дашкольнай адукацыі, чакаюць новыя летнія падарожжы і сустрэчы, у час якіх яны будуць адпачываць, гуляць у беларускія рухавыя гульні і ўмацоўваць сваё здароўе!

Лаппо Г.Г.,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзяржаўнай установы адукацыі
«Яслі-сад № 81 г. Магілёва»

| Печать |