Свята Купалле

Кожны год з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй у Беларусі святкуюць Купалле. Купалле — гэта старадаўняе язычніцкае свята, звязанае з культам сонца, вады, расліннасці, продкаў, а таксама часткова з хрысціянскай традыцыяй. Захаваліся і перадаюцца з пакалення ў пакаленне купальскія легенды і паданні. Адна з іх звязана з кветкай папараці, якая нібыта расцвітае ў купальскую ноч а 12 гадзіне.

Менавіта такую чароўную кветку шчасця шукалі выхаванцы дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад № 92 г. Магілёва».

Свята распачалося на пляцоўцы каля ўстановы адукацыі. Дзеці вельмі чакалі гэтае цудоўнае свята, разам з бацькамі ўпрыгожвалі сваю вопратку, дзяўчынкі са сваімі матулямі плялі незвычайныя вянкі з розных кветак. Прысутных прывітала Лявоніха, да якой крыху пазней далучылася дзяўчынка Купалінка.

Па традыцыі ўдзельнікі свята сустрэлі на сваім шляху кемлівую Бабу Ягу і гультаяватага Лесуна. Разам з дзецьмі прадстаўнікі нячыстай сілы гулялі ў музычныя гульні, загадвалі загадкі, скакалі праз «купальскае вогнішча».

Падчас святкавання Купалля дзеці бадзёра танцавалі беларускую польку Янку, знайшлі чароўную Папараць — кветку, а таксама пачаставаліся купальскім пірагом, які падрыхтавала для іх Купалінка.
Поўныя радасці і незабыўных уражанняў удзельнікі свята вярнуліся ў дзіцячы садок.

Мерапрыемствы, звязаныя з тэмай беларускага нацыянальнага фальклору, як нішто іншае, развіваюць у дзяцей пачуццё гонару за сваю Радзіму, выклікаюць жаданне даведвацца больш пра сваіх продкаў, іх традыцыі і звычаі.

Алейнікава Ю.Л.,
музычны кіраўнік
дзяржаўнай установы адукацыі
«Яслі-сад № 92 г. Магілёва»

| Печать |