Картатэка гульняў для вывучэння роднай мовы
Педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад № 49 г. Магілёва” вядуць мэтанакіраваную работу па развіцці ў выхаванцаў цікавасці да беларускай мовы і нацыянальных традыцый беларускага народа. Разам з кіраўніком фізічнага выхавання Е.І.Казючыц стварылі картатэку беларускіх народных гульняў, лічылак і фізкультурных хвілінак “Сучасныя беларускія гульні” ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Картатэка складзена з улікам узросту дзяцей і дае магчымасць хутка і правільна падабраць гульні і выкарыстоўваць іх пры планаванні.
Для правядзення гульняў (“Беларускі кошык”, “Чароўныя кубы”, “Беларуская торбачка”, “Медальёны” і інш.) створаны атрыбуты, якія выклікалі ў дзяцей вялікую зацікаўленасць і жаданне гуляць.
Гульні развіваюць дзяцей не толькі фізічна, але і духоўна, вучаць разумець навакольную рэчаіснасць, узаемадзейнічаць у калектыве; фарміруюць маральныя якасці – узаемадапамогу, павагу, уменне давесці пачатую справу да канца.
Неабходна адзначыць, што пры правядзенні гульнявых комплексаў у дзяцей з’явілася імкненне яшчэ больш даведацца пра культуру свайго роднага краю і традыцыі беларускага народа. Вялікую ўвагу прыцягваюць беларускія словы, іх правільнае вымаўленне, значэнне і паходжанне.
Выкарыстанне беларускіх народных гульняў спрыяе фарміраванню ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўстойлівых станоўчых адносін да беларускай мовы, нацыянальных традыцый беларускага народа.
Гарбунова М.М., намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад № 49 г. Магілёва”


