Свята Купалле ў дзіцячым садку
Кожны год з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй у Беларусі святкуюць Купалле. Купалле — гэта старадаўняе язычніцкае свята, звязанае з культам сонца, вады, расліннасці, продкаў, а таксама часткова з хрысціянскай традыцыяй. Захаваліся і перадаюцца з пакалення ў пакаленне купальскія легенды і паданні. Адна з іх звязана з кветкай папараці, якая нібыта расцвітае ў купальскую ноч а 12 гадзіне.
Менавіта такую чароўную кветку шчасця 6 ліпеня 2022 года шукалі выхаванцы дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад № 92 г. Магілёва».
Свята распачалося на пляцоўцы дзіцячага садка. Дзеці вельмі чакалі гэтае цудоўнае свята, разам з бацькамі ўпрыгожвалі сваю вопратку, дзяўчынкі са сваімі матулямі плялі незвычайныя вянкі з розных раслін. Прысутных прывітала Купалінка. Падчас святкавання Купалля дзеці даведаліся пра тое, хто такія русалкі, навошта патрэбна кідаць прыгожыя вянкі ў ваду, бадзёра танцавалі беларускую польку, вадзілі карагоды, гулялі ў музычныя гульні, загадвалі загадкі, скакалі праз «купальскае вогнішча».
Разам з Купалінкай знайшлі чароўную Папараць-кветку, а таксама скарб — салодкія пачастункі.
Поўныя радасці і незабыўных уражанняў ўдзельнікі свята ўвечары разам са сваімі бацькамі хадзілі на бераг ракі Дубравенкі пускаць купальскія вянкі.
Мерапрыемствы, звязаныя з тэмай беларускага нацыянальнага фальклору, як нішто іншае, развіваюць ў дзяцей пачуццё гонару за сваю Радзіму, выклікаюць жаданне даведвацца больш пра сваіх продкаў, іх традыцыі і звычаі.
Дубінская І.В., кіраўнік фізічнага выхавання
дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад № 92 г. Магілёва»





