Восеньскі кірмаш
У дзяржаўнай установе адукацыі «Дзіцячы сад № 110 г. Магілёва» прайшоў «Восеньскі кірмаш». Для ўстановы гэтае мерапрыемства стала ўжо традыцыйным, і выхаванцы заўсёды чакаюць яго з нецярпеннем.
Выхавальнікі дашкольнай адукацыі, дзеці і іх бацькі актыўна рыхтаваліся да гэтай значнай падзеі: збіралі кветкі, садавіну і гародніну ў букеты і кампазіцыі, рыхтавалі розную выпечку і творчыя працы для выставы. Пад вясёлую музыку Лявон з Лявоніхай і скамарохі запрасілі ўсіх дзяцей і іх бацькоў на кірмаш.
Канцэпцыя свята была накіравана на далучэнне дзяцей да культурных каштоўнасцеў сваёй краіны, выхаванне патрыятычных адносін да Радзімы. Меладычныя беларускія песні і прыгожыя танцы нікога не пакінулі абыякавымі. Менавіта так, у забаўляльнай форме, педагагічны калектыў установы далучае выхаванцаў да роднай мовы і народнай культуры.
Сідарэнка А.А.,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзяржаўнай установы адукацыі
«Дзіцячы сад № 110 г. Магілёва»