Фізкультурны вольны час «Бульбачка-беларусачка»
Цудоўную, багатую спадчыну маюць беларусы. Яна стваралася нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца...
У нашых продкаў было шмат свят, звязаных з важнымі падзеямі ў жыцці чалавека. Яны паўтараліся з году ў год і былі падпарадкаваны гадавому вітку Зямлі вакол Сонца, якое давала веснавы росквіт прыродзе і замарожвала яго надоўга восенню, каб адрадзіць наступнай вясной. Так утварылася кола свят і абрадаў беларускага народа.
Як вядома, восень на Беларусі — самая доўгачаканая, самая багатая пара; час завяршэння ўборкі ўраджаю, пара уборкі нашага беларускага другога хлеба — бульбы.
У дзяржаўнай установе адукацыі «Дзіцячы сад № 25 г. Магілёва» ў рамках Дня здароўя «Правільна харчуйся, здароўя набірайся» прайшоў фізкультурны вольны час «Бульбачка-беларусачка».
У госці да дзяцей завітала беларуская прыгажуня і карміцелька — Бульбачка. Яна зрабіла з дзецьмі ранішнюю гімнастыку «Бульба Дэнс»; гуляла з дзецьмі ў беларускую народную гульню «Рэдзька», «Грушка»; пякла з бульбачкі аладкі ў рухомай гульні «Дранікі». Нечакана на свята заявіўся дзіўны персанаж, які вельмі напалохаў Бульбачку. Аказалася, што гэта Каларадскі жук. Ен абурыўся, чаму яго не паклікалі, бо ён вельмі любіць бульбу. Спачатку дзеці хацелі яго прагнаць, таму што ён абжора і шкоднік ураджаю. Але Жук паабяцаў, што не будзе больш крыўдзіць Бульбачку і дзеці дазволілі яму застацца. Потым усе разам гулялі ў гульні «Бульбачка і каларадскі жук», «Бульбяны каравай».
Гэта мерапрыемства дапамагло дзецям уявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў; яны даведаліся пра звычаі і абрады беларусаў, звязаныя з харчаваннем: як вырошчвалі бульбу, якія стравы гатавалі з бульбы.
Міхеева А.М., кіраўнік фізічнага выхавання
дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы сад № 25 г. Магілёва»