Мастацка-эстэтычнае развіццё дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі народнай педагогікі

Дзіця расце і развіваецца ў рамках сваёй нацыянальнай культуры, таму неабходна раскрыць яму ўсё прыгожае, што характарызуе той ці іншы край, выхоўваць на родным матэрыяле: народнай творчасці, песнях, казках, прыгажосці навакольнага асяродзя. Гэта выклікае ў дзіцяці пачуццё гонару за сваю краіну. Важна адзначыць не колькасць пазнавальнай інфармацыі, а адбор найбольш каштоўнага, зразумелага, на аснове чаго можа ўзнікнуць цікавасць.

Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі прапануе праводзіць заняткі з дзецьмі, дзе яны будуць знаёміцца з рознымі відамі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на прыкладзе вырабаў з саломы, ільнавалакна, керамікі, тканых вырабаў, вырабаў з дрэва і лазы, беларускага народнага касцюма.

Знаёмства дзяцей у дзяржаўнай установе адукацыі «Дзіцячы сад № 47 г. Магілёва» з беларускай глінянай цацкай праходзіць як на занятках па лепцы, так і ў свабоднай дзейнасці. Выхавацель дашкольнай адукацыі Наталля Сяргееўна Башарымава знаёміць выхаванцаў з гісторыяй глінянай цацкі, паказвае ўзоры цацак з гліны. Наталля Сяргееўна звярнула ўвагу дзяцей на тое, што цацку нельга дапаўняць шматлікімі дэталямі, так як яны могуць паламацца ў працэсе сушкі.

Знаёмства з кожным відам народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва суправаджалася паказам дэманстрацыйнага матэрыялу. Пасля знаёмства з відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзеці навучаліся прыёмам стварэння народных дэкаратыўных вырабаў і замацоўвалі свае веды, уменні і навыкі ў практычнай дзейнасці, ствараючы свае індывідуальныя і непаўторныя вырабы.

Такім чынам, праведзеныя заняткі з выкарыстаннем такога сродку народнай педагогікі, як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларускага народа, дазволілі павысіць узровень мастацка-эстэтычнага развіцця дзяцей.

Маразевіч А.У.,
загадчык дзяржаўнай установай адукацыі
«Дзіцячы сад № 47 г. Магілёва»

| Печать |