Народнае свята «Гуканне вясны» ці «Сарокі» мае старажытныя і багатыя традыцыі. Адзначалася яно ў канцы сакавіка, калі па павер’ях дзень і ноч «мераецца-раўняецца» (у дзень вясновага раўнадзенства). Рытуалы звязаныя з «гуканнем» (зазываннем) вясны былі заснаваны на імкненні людзей як мага хутчэй наблізіць наступ цяпла — гэта і песні «вяснянкі», карагоды, абрадавыя гульні і танцы, у якіх людзі славілі вясну, птушак і заклікалі сонца. Раніцай гаспадыні пяклі з цеста жаўрукоў (веснікаў вясны), а дзеці з песнямі-заклічкамі ўсаджвалі птушачак у гняздзечкі з саломы на дахі дамоў. Пасля моладзь ішла на пагорак, дзе працягваліся гулянні і весялосць.